Добрым быць зусім, зусiм не проста...

№ 29 (26407) Нiводная добрая справа не застанецца без пакарання, — гэты афарызм Томаса Брукса вельмi любяць скептыкi i тыя, хто схiльны апраўдваць уласную бяздзейнасць. Актывiсты мiжнародных дабрачынных арганiзацый бяруць на ўзбраенне iншыя крылатыя фразы — напрыклад, Роберта Бернса: "Вялiкае сэрца, як акiян, нiколi не замярзае". А значыць, добрых пачуццяў у такiх людзей хопiць на ўсiх — далёкiх i блiзкiх. І сёння выдатная нагода iх праявiць, бо 17 лютага адзначаецца Дзень спантаннага праяўлення дабрынi (Rаndоm Асts оf Kindnеss Dау).

Святкаваць гэты дзень мiжнародныя дабрачынныя аб’яднаннi прапануюць усiм светам, незалежна ад грамадзянства, нацыянальнасцi i веравызнання. Добрымi арганiзатары заклiкаюць быць да ўсiх навакольных, прычым трэба не проста рабiць добрыя ўчынкi, але рабiць iх бязмежна i бескарыслiва.

У Беларусi, напрыклад, да гэтага дня прымеркавана незвычайная дабрачынная акцыя "Зоркi эстрады — дзецям, якiя жывуць з ВIЧ", якая пройдзе 20 лютага ў Мiнску. Незвычайнае ў акцыi тое, што яе iнiцыятарамi выступiлi самi эстрадныя выканаўцы — гурты "Топлес", "Да Вiнчы", Нiна Багданава, Ларыса Грыбалёва, Аляксей Хлястоў, Вольга Плотнiкава, Вольга Барабаншчыкава, Саша Нема, Гюнеш i iншыя папулярныя артысты. Iнiцыятыву падтрымала асацыяцыя некамерцыйных арганiзацый па супрацьдзеяннi эпiдэмii ВIЧ/СНIД "БелСетка АнтыСНIД".

Ахвяраваннi, сабраныя падчас акцыi, плануецца накiраваць на адрасную дапамогу 46 ВIЧ-iнфiцыраваным дзецям, якiя пражываюць у Светлагорску. Спiс першачарговых патрэб гэтых дзяцей цяпер складае Светлагорскае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне "Альтэрнатыва". А кожная арганiзацыя i кожны чалавек, якi далучыцца да збору сродкаў, як запэўнiваюць арганiзатары, атрымае ад асацыяцыi "БелСетка АнтыСНIД" лiст са справаздачай аб тым, якая канкрэтна дапамога была аказаная хворым дзецям.


 

17 лютага 2009