Беларускі бізнэс займеў платформу на 2011 год

№ 44 (26908) 10.03.11 Нацыянальную платформу бізнэсу Беларусі-2011 абмеркавалі і прынялі больш за 350 удзельнікаў ХІІ Асамблеі дзелавых колаў, сярод якіх былі прадстаўнікі бізнэсу, прадпрымальніцкіх саюзаў, міжнародных арганізацый, а таксама дзяржаўных органаў. Такім чынам, бізнэс-супольнасць абазначыла свае пажаданні наконт прыярытэтных напрамкаў рэфармавання дзелавога клімату, якія аформіліся ў 103 пункты і шэсць раздзелаў.
Вельмі правільна, што была падтрымана ідэя прадпрымальнікаў і 2011 год аб'яўлены годам прадпрымальнасці. І гэта не толькі для прадпрымальніка, а для ўсіх галін улады, для ўсяго грамадства — мы сапраўды павінны 2011 год зрабіць годам найбольш паўнавартаснай рэалізацыі ідэі Дырэктывы №4. Я лічу, што яна будзе працаваць доўгі час, і мы павінны правесці наш дзелавы клімат у такі ідэальны стан, каб любому бізнэсмену хацелася сюды прыехаць, укладваць сюды грошы, дабівацца прыбытку і атрымліваць асалоду, а не галаўны боль, — мяркуе Уладзімір Карагін, старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў, старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.
Уладзімір Карагін таксама вылучыў з платформы так званую "гарачую дзясятку" праблем беларускага бізнэсу, якія трэба неадкладна вырашыць для паскоранага развіцця эканамічнага патэнцыялу краіны: 1) рэальнае партнёрства і давер бізнэсу і ўлады, 2) новае заканадаўства, якое б стымулявала развіццё бізнэсу, 3) добрасумленная канкурэнцыя і роўныя ўмовы гаспадарання, 4) свабоднае цэнаўтварэнне, 5) канкурэнтаздольныя падаткі, 6) умераныя і справядлівыя штрафы, 7) прыватызацыя арандуемай дзяржаўнай маёмасці, якая дрэнна выкарыстоўваецца ў інтарэсах дзяржавы, 8) зямельныя ўчасткі, 9) вытворчыя плошчы, 10) падтрымка дастойнага іміджу прадпрымальніцтва.
У гэтым годзе была свая спецыфіка: прадпрымальнікі адначасова пісалі Нацыянальную платформу бізнэсу Беларусі-2011 і давалі свае прапановы ў план мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Дырэктывы №4, пра які ў сваім выступленні гаварыў Андрэй Тур, намеснік міністра эканомікі:
Падрыхтаваны план мерапрыемстваў, прычым я магу смела сказаць, што гэты план з'яўляецца прадуктам нашай сумеснай працы з дзелавой супольнасцю. Ён складаецца з амаль 140 пазіцый, ён ухвалены на прэзідыуме Саўміна, але да 4 красавіка ён яшчэ з'яўляецца адкрытым для прапаноў, — сказаў Андрэй Мікалаевіч і падкрэсліў, што гэта павінны быць менавіта прапановы.Вось толькі што мне перадалі дзве прапановы. Прабачце, але гэта не прапановы, а проста канстатацыя праблем. Зачытаю адну: "Як весці бізнэс, калі арэндадаўца без тлумачэння прычын можа разарваць дамову?". Гэта канстатацыя праблем, мы іх і так ведаем. Вы пішыце, як гэтую праблему можна вырашыць, вашыя рэкамендацыі, механізмы, што трэба памяняць у заканадаўстве і гэтак далей.
Пры гэтым Андрэй Тур выказаў меркаванне, што некаторыя палажэнні з платформы бізнэсу могуць быць выкарыстаны для далейшай працы па лібералізацыі дзелавога асяроддзя, і падкрэсліў, што практычна 90% прававых і падзаконных актаў, пазначаных у плане мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Дырэктывы №4, павінны быць прыняты ў першай палове 2011 года.
Адным з ганаровых гасцей на ХІІ Асамблеі дзелавых колаў быў Вячаслаў Кебіч, былы прэм'ер-міністр Беларусі:
Я веру, што з'яўленне Дырэктывы №4 — вынік новых павеваў у дачыненні да развіцця дзелавога партнёрства. Вы павінны дакладна зразумець: без сярэдняга класа ніякае грамадства развівацца па-сапраўднаму не можа. Так, Дырэктыва №4 адкрывае шлюзы, але адкрыццё шлюзаў яшчэ не значыць, што пайшла вада. Бо трэба вельмі шмат падзаканадаўчых актаў зрабіць для таго, каб Дырэктыва №4 пачала працаваць. Кожны чыноўнік зыходзіць з таго паняцця, што навошта лезці наперад — раптам я што-небудзь зраблю не тое і мяне пакараюць? Таму вам трэба націскаць на ўсіх чыноўнікаў, на ўрад, каб дырэктыва выконвалася.
Дарэчы, на Асамблеі дзелавых колаў былі абвешчаны і вынікі конкурсу "Лепшы горад для бізнэсу Беларусі-2010", які арганізавалі бізнэс-асацыяцыя пры падтрымцы Міністэрства эканомікі. Такім чынам, сярод 65 беларускіх гарадоў, якія прынялі ўдзел у конкурсе, па 16 крытэрыях самымі лепшымі былі выбраны Полацк (у катэгорыі больш за 50 тысяч жыхароў) і Ашмяны (менш за 50 тысяч жыхароў).
Павел Бераснеў.
 
 

10 сакавіка 2011