Дзе паслухаць салаўёў?

Рэгіён:
13.05.2018

Складаем «Салаўіную карту» разам! Пазначай «сваіх» салаўёў і глядзі, дзе яшчэ можна паслухаць гэтых шыкоўных спевакоў.

Травень і першая палова чэрвеня – час слухаць спевы птушак! АПБ пачынае сваю самую мілагучную акцыю. Штогод мы запрашаем на экскурсіі на салаўёў, а таксама заклікаем усіх складаць разам «Салаўіную карту». Гэта можна рабіць разам з дзеткамі ці ўдваёх.

Што такое «Салаўіная карта»?

«Салаўіная карта» – унікальны праект, дзе кожны жыхар нашай краіны можа стаць адным са складальнікаў адмысловай карты.

Трэба толькі, пачуўшы недзе салаўя, адзначыць гэтае месца на карце. Такім чынам мы не толькі разам падлічым птушак, але і даведаемся, куды яшчэ можна выправіцца на прагулку, каб паслухаць спевы салаўя.

Па выніках акцыі АПБ штогод звяртаецца да адпаведных гарадскіх службаў з рэкамендацыямі па захаванні месцаў гнездавання пернатых салістаў № 1.

Якія месцы можна адзначаць?

Нягледзячы на тое, што адразу на старонцы бачная карта Мінска, адзначыць салаўя можна ў любым куточку нашай краіны. Для гэтага трэба знайсці свой горад ці мястэчка і перанесці чырвоны маркер у кропку, дзе ты чуў ці чула салаўя. Такі фармат удзелу дае не толькі магчымасць самастойна ўносіць свае дадзеныя, але і бачыць на карце месца, дзе салаўі ўжо спяваюць.

Калі можна пачуць салаўя?

Гэтыя птушкі спяваюць на працягу траўня і ў пачатку чэрвеня. Адзінкавых асобін можна пачуць да сярэдзіны чэрвеня. Таму спяшайся паслухаць гэтых звонкіх птушачак і адзначыць на карце Беларусі «сваіх» салаўёў!

Звыш 200 салаўіных кропак з’явіліся па ўсёй Беларусі ў мінулым годзе. Трымай вушы напагатове і пільнуй салаўёў: магчыма, твой горад самы салаўіны ў краіне! Пазнаць меладычны спеў гэтых птушак лёгка, зблытаць з іншымі амаль немагчыма.

У прадчуванні сустрэчы з салаўём раім выправіцца на пошукі салаўя ў сваім горадзе — ягоную меладычную песню пазнаць лёгка, а зблытаць з іншымі птушкамі амаль немагчыма.

А наперадзе — салаўіныя экскурсіі з гідамі-бёрдвочарамі ў розных гарадах Беларусі! Ты не толькі зможаш атрымаць асалоду ад салаўіных канцэртаў, але і даведацца шмат цікавага пра звычкі гэтых птушак і іх суседзяў. 

http://ptushki.org/