Праблема насілля над дзецьмі патрабуе пільнай увагі

Рэгіён:
02.12.2015

 228 (28086) 25.11.15.Кожная 4-я дзяўчынка і кожны 6-ы хлопчык у свеце можа знаходзіцца ў сітуацыі сексуальнага гвалту. У Беларусі ад яго церпяць каля 10% дзяцей, а ўвогуле ад фізічнага пакарання — да 27% малых (па выніках даследаванняў дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ).

«Далёка не ўсе нашы суайчыннікі ўспрымаюць гэта адпаведным чынам», — лічыць Андрэй Маханько, старшыня міжнароднага грамадскага аб’яднання «Разуменне», якое ўжо 15 гадоў абараняе дзяцей, стварае для іх сяброўскае сацыяльнае асяроддзе і дапамагае пацярпелым.
Важнае дасягненне сумеснай працы «Разумення» і адпаведных ведамстваў краіны — гэта прызнанне аўдыя- і відэазапісаў размоў — апытанняў пацярпелых дзяцей спецыяльна падрыхтаванымі псіхолагамі — у якасці доказнай базы ў судзе. Гэтая норма 11 чэрвеня афіцыйна замацавана ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе Беларусі, — паведаміў ён. —
Цяпер неабходна замацаваць заканадаўча рэкамендацыю апытваць ахвяру гвалту толькі адзін раз, каб захаваць псіхіку дзіцяці, а таксама якасць яго паказанняў, якія з кожным допытам становяцца ўсё менш праўдзівымі з прычыны асаблівасцей узросту малых.
Яшчэ адна заканадаўчая ініцыятыва аб’яднання — прызнаць бездапаможным узрост да 12 гадоў, бо дзіця, якое не дасягнула гэтай мяжы, яшчэ не можа аказаць супраціўленне і не разумее поўнасцю характар некаторых дзеянняў у дачыненні да сябе.
У якасці прафілактычных і папераджальных мер рэкамендуецца крыміналізаваць такія праявы гвалту, як заляцанне дарослых да дзяцей і калекцыяніраванне дзіцячай парнаграфіі.
 
Прад’яві мінулае!
 
«Разуменне» таксама прапануе зрабіць абавязковай заканадаўчай нормай праверку мінулага ўсіх асоб, што працуюць з дзецьмі, на наяўнасць недапушчальных дзеянняў сексуальнага характару. Пакуль айчынным працадаўцам толькі рэкамендуецца высвятляць гэта ў прэтэндэнта на працу з дзецьмі.
Мы прапануем прыняць ва ўсіх установах Беларусі, у першую чаргу адукацыйных, правілы абароны дзяцей ад гвалту, — дадаў Андрэй Маханько. — Гэта тыпавыя і ўніверсальныя рэкамендацыі, як абараніць дзіця, як арганізаваць рэагаванне на гвалт. Яны, дарэчы, падыходзяць пры праявах знявагі ў любых установах, а не толькі ў школах ды садках.
 
Калі злачынца — сам дзіця…
 
Акрамя гвалту з боку дарослых, дзеці могуць падвяргацца дзеянням «сексуальнага злоўжывання» з боку аднагодак, якія не дасягнулі ўзросту крымінальнай адказнасці — 14 гадоў. На думку старшыні «Разумення», трэба альбо зніжаць планку ўзросту крымінальнай адказнасці, скажам, да 13 гадоў; альбо змяшчаць малалетніх злачынцаў у спецыяльныя рэабілітацыйныя цэнтры. Сучасныя закрытыя ўстановы для непаўналетніх не прыстасаваны да такой катэгорыі дзяцей.
Неабходна інфармаваць дзяцей аб спосабах неканфліктнага вырашэння сітуацый пры пераследзе іх з боку равеснікаў, — дадаў старшыня «Разумення». — Тлумачыць, як наладжваць адносіны, каб такіх выпадкаў не было, як паводзіць сябе пры адкрытай пагрозе. Настаўнікам не лішнім будзе напамінаць аб адміністрацыйнай адказнасці за магчымае замоўчванне эмацыянальна-псіхалагічных злачынстваў. Патрэбна працаваць і з бацькамі пацярпелых, бо яны не ведаюць, як паводзіць сябе і што рабіць, калі іх дзіця было згвалтавана.
Стараючыся дапамагчы, трэба не забывацца і аб згубным уплыве на дзіцячую псіхіку занадта шырокага афішыравання таго, што здарылася.
 
Адзіная мадэль абароны
 
У 2012 годзе «Разуменне» вырашыла адкрыць Нацыянальны цэнтр абароны дзяцей, у якім бы дзейнічала адзіная мадэль абароны ад гвалту для ўсіх катэгорый малых. Скрадзеных, згвалтаваных, зацкаваных равеснікамі, бездапаможных…
Аднак, як часта бывае, справа ўперлася ў грошы. Каб вырашыць праблему, аб’яднанне распачало ў інтэрнэце філантрапічны праект 10К-4-10.org — глабальную кампанію па прыцягненні ахвяраванняў для стварэння цэнтра. Стваральнікі сайта спадзяюцца, што добрая справа не застанецца незаўважанай.
 
Ірына Сідарок

Zapatillas de baloncesto Nik