Good Impact: гарадзенскія журналісты пазнаёмілся з канцэпцыяй Школы сацыяльнага прадпрыймальніцтва

Рэгіён:
21.07.2019

 

Прэзентацыя Школы для гарадзенскіх журналістаў адбылася 18 ліпеня ў кавярні Coffee Pause. Удзел у сустрэчы бралі таксама ўласніцы трох гарадзенскіх сацыяльных прадпрыемстваў і будучыя наведвальнікі Школы.

Як паведаміла кіраўніца Школы ў Гродне Лана Руднік (на здымку ніжэй зправа), удзел у праекце возьмуць каля 20 жыхароў Гарадзеншчыны, якія плануюць стварыць свой сацыяльны бізнес.

На працягу восені яны будуць знаёміцца з асновамі распрацоўкі ўласных ідэй, сустракацца з вядомымі гарадзенскімі прадпрыймальнікамі, наведваць мясцовыя сацыяльныя прадпрыемствы, карыстацца падтрымкай дасведчаных ментараў.

Аўтары найлепш распрацаваных бізнес-ідэй выйдуць у наступны этап праграмы, дзе змогуць атрымаць дапамогу па рэгістрацыі сваіх сацыяльных прадпрыемстваў і нават невялікую фінансавую падтрымку для іх запуска.

Пра свой досвед стварэння сацыяльнага бізнесу распавялі журналістам дырэктарка кавярні Coffee Pause Сняжана Кудрыцкая, кіраўніца прадпрыемства «Штучки в ваши ручки» Галіна Алісава, а таксама заснавальніца Дзіцячай экастудыі “Ветка” Рыма Ушкевіч.

Уладальніца кавярні Coffee Pause Сняжана Кудрыцкая рэгулярна аддае 10% ад свайго прыбытку на дапамогу дзецям з інваліднасцю

Рыма Ушкевіч стварыла першы ў горадзе экасадок

Сацыяльнае прадпрыймальніцтва прадугледжвае, што прыбытак альбо частка прыбытку ад вытворчасці тавараў альбо паслуг будзе выдаткоўвацца для вырашэння важных сацыяльных праблем  і дзейнасці на карысць грамадства.

Школа сацыяльнага прадпрыймальніцтва Good Impact будзе працаваць сёлета паралельна ў Гродне, Гомелі і Мінску.

У Гродне Школа дзейнічае на базе ўстановы “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый“.

Дзейнасць Школы падтрымліваецца ў межах праграмы Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі “Развіццё супарцоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю краін Усходняга Партнёрства і Расіі”. Партнёрам праекта з нямецкага боку з’яўляецца праектная група Coopforum International (Берлін).

Прыём заявак на ўдзел у Школе будзе доўжыцца да 11 жніўня.

Кандыдаты, якія запоўняць заяўкі на ўдзел, будуць запрошаныя на прэзентацыю ідэй сваіх будучых сацыяльных прадпрыемстваў.

Па выніках прэзентацыі і будзе сфармаваная група, якая з верасня пачне навучанне ў Школе.

Форму заяўкі, а таксама дэталёвую праграму Школы можна ўбачыць на старонцы праекта.

http://3sektar.by/news/good-impact-garadzenskiya-zhurnalistyi-paznayomilsya-z-kantseptsyiyay-shkolyi-satsyiyalnaga-pradpryiymalnitstva.html

Nike Kyrie 5