У бацькi не можа быць хворага дзiцяцi
- Мiнск i Мiнская вобласць

№ 172 (26532)12.09.09 Калi ў сям'i, баранi Божа, нараджаецца дзiцятка з абмежаваннямi, то большасць мужчын лiчаць, што ў гэтым вiнавата жанчына
— Сама нарадзiла, сама i выхоўвай", — з такiмi словамi былы муж знаёмай адправiўся на пошукi iншай сям'i, — кажа старшыня пярвiчнай асацыяцыi дапамогi дзецям-iнвалiдам i маладым iнвалiдам Заводскага раёна горада Мiнска Таццяна Токарава. — У нашай асацыяцыi таты на вагу золата — ад сiлы мужчын шэсць, але затое якiя! Вельмi любяць сваiх асаблiвых дзяцей i пойдуць дзеля iх на ўсё. Прынамсi, у тым, што мой муж не здрадзiць сыну, якi б ён нi быў, я не сумняваюся.
— Мужчыны, даведаўшыся, што ў iх з'явiлася незвычайнае дзiця, чамусьцi адразу ж кiдаюцца ў крайнасцi: сыходзяць з сям'i цi запiваюць, — уступае ў размову муж Таццяны Антон. — Я лiчу, што гэта самае звычайнае праяўленне слабасцi, тэарэтычна больш характэрнае слабай палавiне чалавецтва. Сапраўды, што можа быць прасцей, чым узвалiць вiну на жонку i такiм чынам уцячы ад праблемы.
Мне ў 22 гады цяжка ўявiць, што адчувае жанчына, калi становiцца мацi, тым больш, калi даведваецца, што яе дзiця не будзе хадзiць, гаварыць, чуць... А калi яшчэ i самы блiзкi чалавек ставiць ультыматум: "Здавай у iнтэрнат цi я падаю на развод"...
— Ведаеце, калi мне сказалi дыягназ сына, я (магчыма, гэта грэх) на нейкае iмгненне ўзненавiдзела ўсiх дзяцей, — прызнаецца Таццяна. — Урачы, убачыўшы маю шокавую рэакцыю, параiлi адмовiцца ад Антона. Але муж, не раздумваючы, прыняў рашэнне за нас абодвух. "Гэта наш сын. І ён будзе жыць разам з намi".
Да 9 гадоў Антон насiў сына на руках, але пры гэтым моцна верыў, што ён абавязкова будзе хадзiць сам.
— Аднойчы я, шчаслiвая, прывезла дадому iнвалiдную каляску. Муж адчынiў дзверы, яго словы я памятаю i дагэтуль: "Я табе сказаў — наш сын будзе хадзiць!" I што вы думаеце, у 9 гадоў Антоша i сапраўды пайшоў.
Таццяна Токарава яшчэ доўга расказвала пра свой лёс, пра лёс такiх жа мацi, як яна.
— Перадаць усе цяжкасцi выхавання асаблiвых дзетак у некалькiх словах практычна нерэальна. Гэта i пастаянны недахоп грошай нават элементарна на прадукты харчавання, i касыя погляды суседзяў, i пытаннi малазнаёмых, ад якiх душа крывёй аблiвалася "Нешта вашага хлопчыка не бачна, у iнтэрнат здалi?", i "шчырыя" парады сябровак "Выпi, лягчэй стане". Нават сястра, у якой прыкладна ў адзiн час са мной нарадзiлася дзiця, баялася прыходзiць да нас у госцi, — уздыхае Таццяна. — Што тут казаць пра чужых людзей.
Жанчынам, мужам якiх хапiла мужнасцi застацца, было крыху лягчэй i фiнансава, i псiхалагiчна. Большасцi ж даводзiлася так, як, напрыклад, Тамары Лук'яненкавай: забыцца на гонар i, схаваўшы свой дыплом аб вышэйшай адукацыi, пайсцi мыць падлогу.
— Я ж не магла на цэлы дзень сына аднаго пакiнуць, — уздыхае Тамара Рыгораўна. — Таму штодзень падымалася як свет сонцам i бегла на працу, пакуль Пашка спiць. Працавала, а на сэрцы было неспакойна: як ён там без мяне?
Дзецi з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця, зразумела, патрабуюць значна больш увагi, чым здаровыя. Таму мацi даводзiцца, цалкам забываючыся на асабiстае жыццё, аддаваць сябе дзецям да апошняй кроплi. Часта гэта адданасць пераходзiць дазволеныя межы.
— Памятаю, як сцiскалася сэрца, калi я ўпершыню адпусцiла Антона ў двор, — узгадвае са слёзамi на вачах Таццяна Токарава. — Маленькiя дзецi пачалi з яго смяяцца, круцiць пальцам ля скронi i кiдацца пяском. Я стаяла ля акна i ўсё гэта бачыла. Так хацелася выбегчы, адмежаваць сына ад жорсткай рэальнасцi. Але муж стрымаў: " Ён справiцца сам. Не перашкаджай". I што вы думаеце, цяпер Антон сябруе практычна з усiмi суседзямi, ён знайшоў агульную мову не толькi з маленькiмi дзецьмi, але i са старэйшымi. Дзякуючы мужу я зразумела, што трэба знайсцi ў сабе сiлы адпусцiць дзiця, дазволiць яму паспрабаваць уласнымi шышкамi замацавацца ў гэтым свеце. Бо мы ж не вечныя...
Сапраўды, як нi балюча пра гэта казаць, але рана цi позна бацькi пакiдаюць сваiх дзяцей. Толькi вось мацi здаровага сына сыходзiць са спакойнай душой, мацi сына з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця — з думкай "А што з iм без мяне стане?"
— Пакуль мы жывём, i яны жывуць, — гэта думка прагучала з вуснаў практычна ўсiх мацi, з якiмi я пазнаёмiлася. — У iнтэрнаце для дарослых — своеасаблiвай турме з кратамi на вокнах — дзецi, якiя выхоўвалiся ў сям'i, у лепшым выпадку працягнуць год. Яны ж там накормленыя, апранутыя, скажаце вы. Ну i што з таго? Нашы дзецi пазбавяцца самага важнага — увагi i клопату, адчування патрэбнасцi, асабiстай значнасцi. Трэба шукаць альтэрнатыву "Навiнкам"!
Наколькi рэальна даросламу чалавеку з абмежаваннямi жыць у соцыуме без мацi? Адказ на гэта пытанне "Звязда" шукала ў Беларускай асацыяцыi дапамогi дзецям-iнвалiдам i маладым iнвалiдам (далей — БелАДДЗIiМI)
— Чаму ж не рэальна, яшчэ як рэальна, — кажа намеснiк старшынi БелАДДЗIiМI Марыя СIНЯКЕВIЧ. — Проста ў свядомасцi нашых людзей, у тым лiку i ў большасцi чыноўнiкаў, сфармiравалася паняцце, што кожны iнвалiд па вызначэннi не можа жыць паўнавартасным жыццём, таму яго неабходна iзаляваць ад грамадства. Скажыце, чаму састарэлых людзей сацыяльныя работнiкi даглядаюць дома, а людзей з асаблiвасцямi пазбаўляюць дзеяздольнасцi, забiраюць бацькоўскую кватэру i адпраўляюць у Навiнкi?
Так не павiнна быць! — лiчаць у асацыяцыi. I прапаноўваюць альтэрнатыву.
— У Германii ўжо даўно практыкуецца часткова незалежнае пражыванне, цi, iншымi словамi, пражыванне з суправаджэннем, для людзей з асаблiвасцямi ў развiццi, — расказвае Марыя Сiнякевiч. — Вось i мы падумалi: а чым нашы дзецi горшыя i запусцiлi пры фiнансавай падтрымцы нямецкiх партнёраў — Федэральнага аб'яднання "Жыццёвая дапамога для людзей з разумовымi абмежаваннямi" — "пiлотны" праект пад назвай "Новыя формы пражывання для маладых людзей з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця ў Беларусi". Праект разлiчаны на два гады. I паўдзельнiчаюць у iм, зразумела, змогуць не ўсе ахвотныя, якiх ужо сёння каля паўсотнi.
Што за праект i з чым яго ядуць?
Чаму суп атрымаўся такiм несалёным? Як адрэгуляваць тэмпературу ў душы? З якога боку падысцi да праса? На працягу трох месяцаў дзяўчаты i хлопцы, за якiх дагэтуль усё рабiлi любiмыя матулi, самастойна шукалi адказы на падобныя, на першы погляд такiя элементарныя, пытаннi. Саша, Аляксандр, Галя i Таня першымi паспрабавалi пажыць асобна ад бацькоў. Для гэтага iм была выдзелена двухпакаёвая кватэра на праспекце Любiмава — так званы вучэбны iнтэрнат з суправаджэннем.
Днём трое з iх ездзiлi на працу ў храм iконы Божай Мацi "Усiх смуткуючых Радасць". Аляксандр працуе ў майстэрнi па вырабе свечак пры прыходзе храма, а дзяўчаты — у швейнай майстэрнi храма. Самы малодшы, 24-гадовы Саша наведвае аддзяленне дзённага знаходжання. Вечарам яны вярталiся ў свой новы часовы дом, дзе iх ужо чакалi сацыяльныя работнiкi. Разам хадзiлi ў краму па прадукты, гатавалi вячэру, прыбiралiся, мылi бялiзну, бавiлi час (некаторыя ўпершыню наведалi заапарк, кавярню).
— Мэта гэтага праекта — навучыць жыць маладых iнвалiдаў самастойна i даказаць чыноўнiкам, што i ў Беларусi можна арганiзаваць нешта падобнае на вучэбны iнтэрнат з суправаджэннем, але больш маштабнае, — кажа Марыя Сiнякевiч. — Мы вельмi спадзяёмся ў будучым на падтрымку дзяржавы, верым у тое, што i нашы дзецi змогуць жыць дастойна ў сваiх кватэрах, а не ў iнтэрнатах. Больш за тое, мы падлiчылi, што пражыванне з суправаджэннем не толькi лепшы варыянт для нашых дзяцей, але i больш танны ў параўнаннi з Навiнкамi, дзе месячнае ўтрыманне дарослага чалавека абыходзiцца дзяржаве ў кругленькую суму.
Важнасць пражывання з суправаджэннем пацвердзiла i Таццяна Сотнiкава, якая, пасля таго як яе сын пражыў тры месяцы асобна, не можа нарадавацца на Сашу.
— Я ўжо шэсць гадоў штодзень працую ў начную змену. Ранiцай прыкархну крыху i падымаюся, каб прыгатаваць Сашу сняданак. Цяпер жа ён сам можа, i не толькi сабе, але i мне з малодшым сынам бутэрброды зрабiць, гарбату заварыць. Калi ёсць настрой, дык i салату з гароднiны зробiць. Сам галiцца пачаў, шкарпэткi свае мые. Мой Саша — аматар семачак. Раней, калi я яго прасiла прыбраць за сабой шалупiнне, забываўся. А цяпер i нагадваць не трэба. Адным словам, больш дысцыплiнаваны стаў, адказны.
— Вось гэта мае новыя сябры, — паказвае Саша фотаздымкi. — А яшчэ, калi ў дзяўчат зламаўся ложак, я узяў малаток i парамантаваў яго.
Таццяна Пятроўна разам з сынам радуецца кожнаму нават самаму маленькаму дасягненню. I сама, прызнаецца, значна лепш сябе адчувае, бо пакуль Саша жыў асобна, паспела падлячыцца.
Ад аўтара: Жанчынамi, якiя дзеля сваiх асаблiвых дзяцей, не раздумваючы паставiлi крыж на кар'еры, асабiстым жыццi i пры гэтым засталiся аптымiсткамi, немагчыма не захапляцца. I я шчыра захапляюся. I нi кроплi шкадавання! Няхай яно дастанецца тым, якiя адмовiлiся ад здаровых дзетак.
Жанчынамi, якiя дзеля сваiх асаблiвых дзяцей, не раздумваючы паставiлi крыж на кар'еры, асабiстым жыццi i пры гэтым засталiся аптымiсткамi, немагчыма не захапляцца. I я шчыра захапляюся. I нi кроплi шкадавання! Няхай яно дастанецца тым, якiя адмовiлiся ад здаровых дзетак.