Што рухае людзьмі, якія дапамагаюць хворым?

Рэгіён:
15.01.2016

6 (28116)14.01.16.Можна шмат разважаць аб тым, як свет становіцца жорсткім і прагматычным, шукаць і аналізаваць прычыны такога становішча, а можна проста зрабіць нешта добрае, і тым самым крышачку палепшыць гэты свет. Без асаблівых дэкларацый і рыторыкі.

Вось, напрыклад, буйная транспартная кампанія з Брэста ў гэтым годзе адмовілася ад пакупкі традыцыйных навагодніх сувеніраў для партнёраў і кліентаў. Але грошы з пачатку года на гэтыя траты былі прадугледжаны ў бюджэце арганізацыі. Іх, паводле рашэння калектыву, пералічылі на аперацыю і лячэнне 13-гадовага хлопчыка Антона Куцінава. Складаная аперацыя запланаваная на люты гэтага года. І ўсе супрацоўнікі фірмы «Транскансалт» спадзяюцца, што яна пройдзе найлепшым чынам і юны брастаўчанін здолее перамагчы хваробу.
 
Варта сказаць, што паспяховая кампанія не абмежавалася адной акцыяй. Транспартнікі паспрабавалі прыцягнуць да добрай справы партнёраў, іншых людзей бізнесу, усіх нераўнадушных грамадзян. Для гэтага разам з брэсцкім дабрачынным фондам «Сэрца — дзецям» яны стварылі спецыяльны раздзел на сайце. На ім змясцілі здымкі і кароткія гісторыі дзяцей, якім тэрмінова патрэбная дапамога. А замест віншавальнай карткі абанентам рассылаецца дабрачынны каляндар з заклікам далучыцца да акцыі.
 
«Мы верым, што адзін маленькі цуд важнейшы за траты на навагоднія падарункі. Разам мы можам зрабіць шчаслівейшым наступны год для дзяцей, якія маюць патрэбу ў дапамозе», — з такімі словамі звярнуліся супрацоўнікі кампаніі да цяперашніх і будучых аднадумцаў.
 
У гэтыя святочныя дні адчула на сабе цяпло душы многіх і многіх незнаёмых людзей сям'я Хініч з Брэста. Пасля адной з дабрачынных акцый напрыканцы мінулага года пра іх бяду праз сродкі масавай інфармацыі даведаўся, лічы, увесь горад. Іна і Дзмітрый Хінічы выхоўваюць хлопчыкаў-трайнятак. Двум з іх амаль адразу пасля нараджэння паставілі дыягназ «дзіцячы цэрэбральны параліч». Дзеці маюць патрэбу ў лячэнні за мяжой. А тут новае гора звальваецца на сям'ю — бацька захварэў на анкалогію. Пасля ампутацыі нагі ў лёгкіх Дзмітрыя выявілі метастазы небяспечнай хваробы. Ён праходзіць лячэнне. Мама Іны, бабуля трайнятак, якая найбольш дапамагала сям'і, памерла ад раку ў пачатку мінулага года... На сайтах, у газетах паявіліся рахункі, на якія можна пералічваць грошы. І многія адгукнуліся.
 
Да аднаго з кліентаў, які запаўняў паперы на пералічэнне пэўнай сумы для гэтай сям'і, падышла загадчыца аддзялення банка, разгаварыліся. Банкаўскі работнік адзначыла, што на яе памяці першы раз назіраецца такая актыўнасць людзей у імкненні дапамагчы тым, хто трапіў у бяду. І гэта ў час крызісу, калі столькі людзей застаецца без працы альбо сыходзіць у вымушаны адпачынак. Варта сказаць, што названае аддзяленне банка знаходзіцца на вуліцы Суворава, у раёне, дзе шмат інтэрнатаў, дамоў маласямейнага тыпу, адным словам, у небагатым раёне. Вельмі хочацца спадзявацца, што неабходная для лячэння сума будзе сабраная агульнымі намаганнямі нераўнадушных людзей.
 
Акцыя «Нашы дзеці», як вядома, працягваецца ў краіне. Адным з яе мерапрыемстваў стала дабрачынная вечарына ў брэсцкім рэстаране «Ташкент» для сямей, у якіх выхоўваюцца хворыя дзеці. Мерапрыемства арганізавала рэгіянальнае аддзяленне «Беларускага саюза жанчын». Брэсцкія прадпрымальнікі Руслан Гілязаў, Уладзіслаў Бяркоўскі, Ларыса Маляўка, Наталля Ільніцкая і іншыя купілі калядныя падарункі. Арганізатары падрыхтавалі вясёлую і цікавую праграму. Адзін вечар для бацькоў з дзеткамі стаў сапраўды чароўным.
 
Святлана Яскевiч 

Nike Air Force 1 '07 Lv8 Utility White/White-Black-Tour Yellow