Школа для дарослых

Рэгіён:
04.04.2016

31.03.16.Стартаваў праект «Школа самаадвакатаў». Яго сутнасць — навучанне маладых людзей з інтэлектуальнымі парушэннямі.

«Гэта новы для нашай краіны кірунак, паколькі ў нас няма службы, якая праводзіла б спецыяльныя адукацыйныя мерапрыемствы для маладых людзей з такімі праблемамі, — распавядае кіраўнік праекта «Школа самаадвакатаў» Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам Алена Бойка.У нашым праекце юнакі і дзяўчаты праходзяць трэнінгавыя заняткі, што якраз і накіраваны на развіццё самасвядомасці і сацыяльных навыкаў».
 
Курс разлічаны на 4 месяцы. Тэматыка заняткаў разнастайная. На ўроках маладыя людзі разбіраюцца, для чаго ім патрэбныя дакументы, аналізуюць свае правы і абавязкі, вучацца адстойваць уласныя інтарэсы, вывучаюць правілы бяспекі дома і на вуліцы. Усе гэтыя сацыяльныя навыкі неабходныя пры далейшым пражыванні з суправаджэннем і працаўладкаванні.
 
Арцёму Чырву 20 гадоў. Але самастойнасці ён пакуль толькі вучыцца. На занятках у «школе» хлопец упершыню паспрабаваў пісаць заяву і нават складаць маршрут для падарожжа.
 
Заўважце, усе нашы «самаадвакаты» — людзі паўналетнія, — адзначае Алена Бойка. — Некаторым яшчэ толькі 20 гадоў, а іншыя ўжо адсвяткавалі 30-годдзе. Але, нягледзячы на свой дарослы ўзрост, большасць з маладых людзей і дзяўчат адчувае сябе дзецьмі. Яны прызвычаіліся да таго, што блізкія людзі прымаюць за іх большасць жыццёвых рашэнняў і далёка не заўсёды ўспрымаюць сур'ёзна меркаванне іх саміх. Мы хочам пераламаць гэты стэрэатып. Спадзяемся, што з нашай дапамогай навучэнцы разбяруцца ў сваіх правах і змогуць без страху здзяйсняць, здавалася б, простыя дзеянні — браніраваць талончык да тэрапеўта, хадзіць у кіно, прымаць уласнае рашэнне...
 
Усе заняткі пабудаваны на даступнай мове. У канцы кожнага ўрока — хатняе заданне. Напрыклад, калі маладыя людзі разбіраліся ў тэме, якія дакументы ім патрэбныя для падарожжа, спецыялісты праекта прапанавалі ім запоўніць «візавую анкету» і ўнесці ў патрэбныя графы дадзеныя свайго асабістага пашпарта.

Nike Sneakers