PRodvizhenie-2020: Заяўляйцеся!

Рэгіён:
09.08.2020
PRodvizhenie-2020: Заяўляйцеся!

PRodvizhenie – гэта праграма для актывістаў некамерцыйных арганізацый і адукатараў, якія клапоцяцца пра папулярызацыю сваёй дзейнасці.

Хочаце зрабіць сваю арганізацыю альбо ініцыятыву больш уплывовай і заўважнай у публічнай прасторы?

Навучыцца асновам сувязяў з грамадскасцю (PR) і майстэрству правядзення трэнінгаў?

Тады заяўляйцеся да ўдзелу ў праграме PRodvizhenie-2020!

З чаго складаецца праграма:

Школа PR і медыякампетэнцый

Тут вы атрымаеце асновы ведаў па сувязях з грамадскасцю (PR), пра розныя інструменты для працы з грамадскасцю (распрацоўка PR-кампаній, інфаграфікі, праца ў сацыяльных сетках і г. д.) для папулярызацыі сваёй дзейнасці, навучыцеся распрацоўваць планы медыякампаній, а таксама працаваць з журналістамі. Для ўдзелу ў кожным з трэнінгаў у межах Школы на конкурснай аснове будуць адабраныя па 25 чалавек.

Дзе?

Мінск, 28-30 жніўня  2020 г.

Гомель, 4-6 верасня 2020 г.

Як запісацца на ўдзел у Школе?

Да ўдзелу ў Школе найперш запрашаюцца прадстаўнікі некамерцыйных арганізацый з Мінскай і Гомельскай абласцей.

Заяўкі з іншых рэгіёнаў таксама вітаюцца!

Запоўніце да 21  жніўня форму заяўкі і дачакайцеся адказу ад арганізатараў!

Трэнеры і эксперты Школы:

Вітаўт Руднік

Медыяэксперт, старшыня праўлення ГА “Цэнтр “Трэці сектар” (Гродна).

Спецыялізуецца на адукацыйных праграмах у галіне медыя і журналістыкі, а таксама навучання дарослых.

Заснавальнік гарадзенскай “Школы сучаснай журналістыкі”.

У якасці трэнера, эксперта, кіраўніка праектаў з 1997 г. працаваў у межах праграм такіх арганізацый, як BBC Media Action (Вялікабрытанія), Deutsche Welle Akademie (Германія), Media Akademie (Нідэрланды), АБСЕ, Міжнародная арганізацыя па міграцыі (Беларусь, Туркменістан, Узбекістан), DVV International (Украіна), “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і многіх інш.

Лана Руднік

Экспертка ў сферы PR і метадалогіі навучання, дырэктарка ўстановы “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый” (Гродна).

Спецыялізуецца на адукацыйных праграмах у сферы навучання дарослых, арганізацыйнага развіцця, эфектыўных камунікацый.

Кіраўніца гарадзенскага “Універсітэту Залатога Веку”, дырэктарка Школы медыяменеджмента, а таксама Школы сацыяльнага прадпрыймальніцтва GoodImpact у Гродне.

У якасці трэнеркі, эксперткі, ментаркі працавала для такіх арганізацый, як Deutsche Welle Akademie (Германія), DVV International (Украіна), Міжнародная арганізацыя па міграцыі (Беларусь, Туркменістан, Узбекістан), “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і многіх інш.

Дзяніс Васількоў

Медыяэксперт

Малады і актыўны трэнер з добрым досведам працы ў грамадскім сектары і ў медыя, выпускнік Школы медыяменеджмента.

Спецыялізуецца на навучанні ў сферы smm, стрымінга і падкасцінга.

У якасці трэнера і эксперта працаваў ў Беларусі, Арменіі, Расіі, Узбекістане.

Ментарская падтрымка

Тут вы атрымаеце якасную падтрымку па распрацоўцы сваіх PR-матэрыялаў і медыякампаній ад дасведчаных спецыялістаў, якія маюць за сваімі плячыма багаты досвед “раскруткі” уласных арганізацый, а таксама працы ў межах праграм аўтарытэтных беларускіх, замежных і міжнародных арганізацый.

Калі? Верасень-снежань, 2020 г.

Школа плюралізма

Трэнінг для трэнераў, пра які вы марылі!

Тут вы засвоіце асновы трэнерскага майстэрства: навучыцеся планаваць свае трэнінгі і асобныя заняткі.

Асаблівы фокус будзе зроблены на тое, як планаваць навучальныя праграмы, скіраваныя на пашырэнне дэмакратычных каштоўнасцяў (плюралізм, свабода слова і іншыя правы чалавека). Для ўдзелу ў трэнінгу на конкурснай аснове будуць  адабраныя 20 чалавек.

Трэнерамі Школы будуць Вітаўт і Лана Руднікі.

Дзе? 

Мінск, 24-27 верасня, 2020 г.

Як запісацца на ўдзел у Школе?

Да ўдзелу ў Школе найперш запрашаюцца прадстаўнікі некамерцыйных арганізацый з Мінскай і Гомельскай абласцей.

Заяўкі з іншых рэгіёнаў таксама вітаюцца!

Запоўніце да 28 жніўня форму заяўкі і дачакайцеся адказу ад арганізатараў!

Беларуска-Нямецкі Форум Партнёрства PRodvizhenie-2020

Тут будуць прадстаўленыя цікавыя беларускія і нямецкія прыклады працы, скіраванай на папулярызацыю грамадскай дзейнасці, умацаванне іміджу грамадскіх ініцыятыў, а таксама на павышэнне здольнасці гэтых ініцыятыў вырашаць важныя мясцовыя пытанні і ўплываць на мясцовую павестку дня.

Да ўдзелу ў Форуме будуць запрошаныя актыўныя ўдзельнікі праекта, а таксама прадстаўнікі іншых беларускіх і нямецкіх НГА.

Дзе і калі?

Мінск,  21-22 лістапада 2020 г.

Праграму PRodvizhenie-2020 сумесна рэалізуюць:

Грамадскае аб’яднанне «Цэнтр «Трэці сектар» (Гродна)

Установа «Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый» (Гродна)

 Спажывецкі кааператыў «Майстэрня  сацыяльных інавацый»

Гомельскае абласное грамадскае аб’яднанне «Сацыяльныя праекты»

Моладзевае грамадскае аб’яднанне «Next Stop – New Life»

Праектная група Coopforum International (Берлін, Германія).

«PRodvizhenie-2020: PR і медыякампетэнцыі для грамадзянскай супольнасці ў рэгіёнах Беларусі» здзяйсняецца ў межах праграмы Міністэрства замежных спраў Германіі «Развіццё супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю краін «Усходняга партнёрства» і Расіі».

http://3sektar.by/news/prodvizhenie-2020-zajauljajcesja.html