Памятны знак ад iмя ўрада Аўстрыi

Рэгіён:
21.09.2009

№ 177 (26535) 19.09.09 У  Мiнску адкрыўся камень у памяць аб дэпартаваных i забiтых у гады Другой сусветнай вайны ў мiнскiм гета 9600 аўстрыйскiх яўрэях. Месцам правядзення цырымонii сталi былыя яўрэйскiя могiлкi, што па вулiцы Сухой.

Распачаў цырымонiю Леанiд Левiн, старшыня Саюза беларускiх яўрэйскiх грамадскiх аб'яднанняў i абшчын. Гэту работу па ўсталяваннi ў нашай сталiцы памятных знакаў ахвярам фашызму з iншых краiн ён i яго аднадумцы па Саюзе пачалi больш за 10 гадоў таму. Як прызнаўся сам Левiн, тады яны не былi пачуты ва ўсiх краiнах, адкуль на смерць нацысты звозiлi ў акупаваны Мiнск яўрэяў. Асаблiва шмат iх даставiлi з Аўстрыi. Але з часам сiтуацыя ў еўрапейскiх краiнах з усведамленнем трагедыi мiнскага гета мянялася ў лепшы бок. Вось i ўрад Аўстрыi адгукнуўся на iнiцыятыву Саюза беларускiх яўрэйскiх грамадскiх аб'яднанняў i абшчын i Мiнскага мiжнароднага адукацыйнага цэнтра ўсталяваць камень у памяць аб дэпартаваных i знiшчаных аўстрыйскiх яўрэяў.

Пасол Iзраiля ў Мiнску Эдуард Шапiра нагадаў, што на тэрыторыi Аўстрыi i Беларусi да вайны жылi сотнi тысяч яўрэяў. Большасць iх была забiта нацыстамi. У сувязi з гэтым, сказаў пасол, цяжка вызначыць той велiзарны iнтэлектуальны патэнцыял, якi быў страчаны для абедзвюх краiн. Увогуле, па словах Эдуарда Шапiры, еўрапейскае яўрэйства было жорстка знiшчана.

Адзiн з тых, хто выжыў у той страшэннай мясарубцы — Мiхаiл Трэйсцер, старшыня Беларускага грамадскага аб'яднання яўрэяў — былых вязняў гета i нацысцкiх канцлагераў. Ён сказаў, што Аўстрыя пабiла ў Беларусi сумны рэкорд. Мiхаiл Трэйсцер прывёў такiя факты: калi з нямецкiх гарадоў Брэмена, Кёльна, Дзюсельдорфа i iншых звычайна прывозiлi па адным эшалоне вязняў, то з Вены аж дзесяць! У вынiку нi адна дзяржава ў свеце не мае такой гiганцкай брацкай магiлы яўрэяў, як Беларусь.

У цырымонii адкрыцця памятнага знака ад iмя ўрада Аўстрыi на тэрыторыi былога Мiнскага гета ўзяў удзел генеральны сакратар Федэральнага мiнiстэрства па еўрапейскiх i мiжнародных справах Аўстрыйскай Рэспублiкi (ранг намеснiка мiнiстра) Йаханес Кiрле, якi ўжо другi дзень знаходзiўся ў нашай краiне з рабочым вiзiтам. Ён, дарэчы, сустрэўся з мiнiстрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым, абмеркаваў шэраг актуальных пытанняў двухбаковага супрацоўнiцтва, у тым лiку беларуска-аўстрыйскае ўзаемадзеянне ў мiжнародных арганiзацыях, адносiны Беларусi i ЕС.

Учора Йаханес Кiрле выступiў на былых яўрэйскiх могiлках. Ён, у прыватнасцi, адзначыў, што адкрыццё памятнага знака — гэта i сведчанне таго, што ў Аўстрыi захоўваюць памяць аб страшэннай катастрофе яўрэйскага народа. Напрыклад, не заплюшчваюць вочы на той факт, што сярод нямецкiх катаў былi i аўстрыйцы, якiя мелi выгаду ад знiшчэння яўрэяў. Увогуле, па яго словах, у Аўстрыi робяцца актыўныя захады для барацьбы з антысемiтызмам i прапагандай варожасцi да iншаземцаў, бо нi ў якiм разе нельга дапусцiць паўтарэння таго, што здарылася пры нацыстах.

Йаханес Кiрле ад iмя Аўстрыi падзякаваў уладам нашай краiны i сталiцы за iстотную падтрымку пры ўзвядзеннi памятнага знака.

 

nike fashion