Мясцовая ініцыятыва можа атрымаць падтрымку на міжнародным узроўні?

Рэгіён:
25.08.2017
Мясцовая ініцыятыва можа атрымаць падтрымку на міжнародным узроўні?

161 (28525) 23.08.17. Грошы Талачынскай СШ №2 на капітальны рамонт навучальнай установы выдзелілі згодна з праграмай, якая падтрымліваецца Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця. А ў рамках Праекта ЕС/ПРААН школа яшчэ і выйграла грант для стварэння развіваючай аграэкасядзібы. Цяпер яна — цэнтр падрыхтоўкі вучняў да работы ў сельскагаспадарчых галінах раёна.

Было і стала

Навучальную ўстанову дэпутаты наведалі ў рамках выязнога пасяджэння прэзідыума Віцебскага абласнога Савета. Старшыня аблсавета Уладзімір Цярэнцьеў прыгадаў, што было тут да рэканструкцыі. Будынак узвялі ў 1980-м па праекце, які, мякка кажучы, не ўлічваў кліматычныя асаблівасці нашай краіны, тым больш яе паўночнай часткі. У прыватнасці, была выкарыстана вялікая колькасць вітражных вокнаў. Канешне, прыгожа, але ж з часам яны сталі горш утрымліваць цяпло. Нават калі ў жылым доме больш за 30 гадоў не праводзіць капітальны рамонт, зразумела, што з ім будзе. А тут школа! Спачатку замянілі вокны, але ж гэтага аказалася мала, каб дзеці адчувалі сябе ўтульна. Доўгі час шукалі гіганцкія сродкі на капітальны рамонт. У выніку 1,8 мільёна рублёў было выдзелена ў адпаведнасці з праграмай, якую падтрымлівае Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця (асноўная крэдытная ўстанова Сусветнага банка). Гэта стала магчымым дзякуючы праекту «Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь».

Рамонт праводзіўся, без перабольшвання, ударнымі тэмпамі. І будаўнікі зрабілі ўсё неабходнае за нейкія 4 месяцы — прыкладна ў два разы хутчэй, чым прадугледжана нарматывамі. «Футра» замацавалі па перыметры, замянілі ўсе сеткі: ацяпленне, вентыляцыю, каналізацыю і водазабеспячэнне, электраабсталяванне... Зрабілі рамонт ва ўсіх памяшканнях унутры будынка.

Першы школьны званок у фактычна новай школе прагучаў у мінулым снежні. Каля 760 вучняў атрымалі цудоўны падарунак да Новага года. Пакуль ішоў рамонт, дзеці займаліся ў іншай навучальнай установе райцэнтра, дзе была арганізавана вучоба ў некалькі змен. Але часовыя нязручнасці каштавалі таго...

У цырымоніі адкрыцця адрамантаванай школы браў удзел і старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў. Ён падкрэсліў, што цяпер школа адпавядае ўсім патрабаванням часу, яна — узорны прыклад таго, якімі павінны быць навучальныя ўстановы заўтрашняга дня.

Грошы атрымалі. А далей?

Атрымаць падтрымку па лініі ААН было няпроста. Дакладней, вельмі цяжка. З усёй краіны на ўдзел у праекце было пададзена больш за 720 заявак. У тым ліку з Талачынскага раёна больш за 10. Школа выйграла конкурс мясцовых ініцыятыў у рамках праекта ЕС/ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» і атрымала каля 17 тысяч долараў для стварэння ўласнай аграэкасядзібы — цэнтра падрыхтоўкі навучэнцаў да працы ў сельскагаспадарчых галінах раёна. Асноўная ідэя, якая закладвалася аўтарамі праекта, — прывіць любоў да зямлі. Сярод задач — атрыманне практычнага вопыту яе апрацоўкі, навучанне прыёмам стваральнага земляробства, арыентацыя на прафесійнае самавызначэнне.

На грошы гранта купілі міні-трактар, прычэп да яго, акучнік, плуг, дзве газонакасілкі. Набылі садовы і агародны інвентар: вёдры, рыдлёўкі, граблі, матыкі, палівачкі... А таксама — насілкі, пяць садовых тачак, секатары, апырсквальнікі. Купілі таксама чатыры цяпліцы, сістэмы паліву, урадлівы грунт, арганічныя і комплексныя ўгнаенні.

 

Для стварэння саду і агарода набылі насенне агароднінных і дэкаратыўна-кветкавых культур, саджанцы карлікавых яблынь. Для афармлення аграсядзібы — драўніну, дэкаратыўны друз, прыродны камень, 30 туй, ядловец паўзучы, фарзіцыю, спірэю японскую і гэтак далей.

Частку агароджы з лазы вучні вырабілі самі пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання, частку ўсталявалі за грошы гранта.

Дзякуючы дапамозе арганізацый-партнёраў, актыўнай працы навучэнцаў, бацькоў, педагагічных і тэхнічных работнікаў школы добраўпарадкавалі тэрыторыю пад агарод і сад. У прыватнасці, павялічылі памеры пасяўных плошчаў, выкарчавалі старыя пні. Распрацавалі ўчастак пад пладова-ягадны сад, выдалілі рэшткі старога асфальту. На суботнік, дарэчы, прыйшло так многа людзей, што спачатку не ведалі, чым іх адначасова заняць.

Не спыняцца!..

Добраўпарадкаванне дазволіла выкарыстоўваць тэрыторыі прышкольнага ўчастка па максімуме, а сам працэс працы на зямлі рабіць займальным і цікавым...

Сёння пладова-ягадны сад уражвае ландшафтным дызайнам з дэкаратыўнымі вуллямі і калодзежам, шпакоўнямі, лаўкамі і невялічкім вадаспадам. У садзе 100 карлікавых яблынь і 50 кустоў парэчкі, вінаград... У найбліжэйшай будучыні гарантуецца самазабеспячэнне садовай прадукцыяй школьнай сталовай. У цяпліцах створаны ўмовы для вывучэння тэхналогій вырошчвання культур у абароненым грунце. Тут высаджваюцца радыска, капуста, памідоры, перац. Даглядаюць гаспадарку вучні.

Прыемна здзіўляюць клумбы-кветнікі, якія спалучаюць у сабе сучасны стыль і стыль кантры. З'явілася і зона адпачынку з элементамі сельскага падвор'я. Яе стварылі дзеці, бацькі і педагогі...

У выніку рэалізацыі ініцыятывы, адзначаюць педагогі, павысілася цікавасць вучняў да сельскагаспадарчых прафесій, а з ёю і колькасць выпускнікоў 9—11 класаў, якія жадаюць звязаць сваю будучыню з працай на зямлі.

Прадстаўнікі ААН далі высокую ацэнку зробленаму. Але ў школе на гэтым не спыняюцца — і ўжо цікавяцца пытаннямі арганічнага земляробства, магчымасці выкарыстання круглагадовай цяпліцы, аднаўляльных крыніц энергіі...

Аляксандр Пукшанскі 

http://zviazda.by/be/news/20170822/1503411827-myascovaya-inicyyatyva-mozha-atrymac-padtrymku-na-mizhnarodnym-uzrouni

Nike