Месца сустрэчы

Рэгіён:
19.01.2016

 8 (28118) 16.01.16.У віцебскай гімназіі №3 прайшоў навагодні «Блакітны агеньчык» для былых вязняў нацысцкіх канцлагераў. Па добрай шматгадовай традыцыі гэта і іншыя мерапрыемствы арганізуюцца пры падтрымцы нераўнадушных людзей з-за мяжы.

— У гімназіі ёсць музей, прысвечаны былым малалетнім вязням. Ён функцыянуе ўжо больш за 20 гадоў. І вялікі ўклад у яго стварэнне зрабілі тыя, каму ён прысвечаны. Яны ўсяляк спрыяюць папаўненню калекцыі, дапамагаюць экскурсаводам. Стасункі з імі для дзятвы і моладзі каштоўныя. Бо хто яшчэ лепш можа распавесці пра жахі нацысцкай агрэсіі як не яны. Калі праца над стварэннем музея толькі пачыналася, гэтыя людзі былі яшчэ досыць маладыя, поўныя сіл, нягледзячы на цяжкае дзяцінства. Але ідзе час, зразумела, яны старэюць, сыходзяць на пенсію, пагаршаецца іх здароўе. На жаль, усё больш вузкім становіцца іх круг зносін. Мы задумаліся пра тое, што можна зрабіць, каб яны не адчувалі сябе адзінокімі. Нам шчыра хацелася, каб яны часцей сустракаліся ў гімназіі, не толькі 11 красавіка — у Міжнародны дзень вязняў, — распавядае каардынатар праекта, настаўнік гісторыі гімназіі №3 Наталля Лабза.
 
Даведаўшыся аб правядзенні конкурсу ў рамках праграмы «Месца сустрэчы: дыялог» настаўнікі вырашылі прыняць у ім удзел. Распрацавалі праект «Якія нашы гады!». Ён фінансуецца нямецкім фондам «Памяць, адказнасць і будучыня».
 
— У рамках праекта на базе гімназіі праводзяцца мерапрыемствы да памятных дат, дні імянінніка, пасяджэнні клуба «Дачнік», вячоркі ў фіта-бары. З вялікім задавальненнем былыя малалетнія вязні наведваюць нашы гурткі. Напрыклад, вучацца карыстацца камп'ютарам, выходзіць у інтэрнэт, займаюцца рытмікай, у хоры. Нават вывучаюць псіхалогію, — дадае памочнік каардынатара праекта настаўнік гісторыі Вольга Чаплыгіна.
 
І вось у былых вязняў надарылася чарговая выдатная магчымасць яшчэ раз сустрэцца, пагутарыць, забыцца пра хваробы і праблемы. На навагоднім свяце было прыемна бачыць, што людзі, якія столькі перажылі ў дзяцінстве, не трацяць аптымізму. Атрымаўся сапраўдны карнавал. Дзед Мароз, цыганачкі весялілі гасцей. У праграме былі песні, танцы, конкурсы, жартоўнае інсцэніраванне казак. Праект разлічаны на два гады, а значыць, наперадзе яшчэ шмат цікавых і запамінальных мерапрыемстваў.
 
Аляксандр Пукшанскі 

Nike SF-AF1