Конкурс лепшых онлайн практык грамадзянскай адукацыі: мы сярод пераможцаў!
- Гродна

Дзьве праграмы ГА “Цэнтр “Трэці сектар” сталі пераможцамі міжнароднага конкурса, арганізаванага Усходне-Еўрапейскай сеткай грамадзянскай адукацыі (EENCE). Абвяшчэнне пераможцаў адбылося 11 кастрычніка.
Прэтэндэнтамі на перамогу былі аўтары 43 заявак з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Украіны і Расіі.
У намінацыі “Рэалізаваныя онлайн практыкі ў сферы грамадзянскай адукацыі” першае месца падзялілі гарадзенскія HrodnaYouthHub і ўкраінскі “Адкрыты ўніверсітэт Майдана”.
Моладзевая адукацыйная платформа HrodnaYouthHub распачала сваю працу ў лютым 2020 года.
Яе арганізатарамі з’яўляюцца ўстанова «Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый», ГА« Цэнтр «Трэці Сектар», Вэб-партал Hrodna.Life, валанцёрская група «Крок насустрач», у партнёрстве з Міжнароднай некамерцыйнай арганізацыяй Pact пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).
У межах платформы ў фармаце онлайн былі праведзеныя курс па развіцці прадпрыймальніцкіх здольнасцей “YOUthCAN”, цыкл сустрэч з маладымі творцамі HrodnaCelebrityTalk, цыкл інтэграцыйных моўных сустрэч Tandem Evenings in Hrodna, інклюзіўны дыскусійны клуб “Крок насустрач“.
У онлайн фармаце ў ліпені гэтага года стартавала таксама “Цяпліца моладзевых ініцыятыў“.
У межах курса таксама працавала Летняя Школа журналістыкі і медыяпісьменнасці.
У намінацыі “Плануемыя онлайн практыкі ў сферы грамадзянскай адукацыі” перамог наш новы праект “Віртуальны Універсітэт Залатога Веку“.
Гэта новая адукацыйная пляцоўка для сталых людзей, скіраваная на іх інтэлектуальную і сацыяльную актывізацыю.
Усходне-Еўрапейская сетка грамадзянскай адукацыі (EENCE) была заснаваная ў 2015 г. У яе склад уваходзяць больш за 50 арганізацыі і экспертаў з краін Усходняга Партнёрства, а таксама з Расіі.
ГА “Цэнтр “Трэці сектар” уваходзіць у склад сеткі з 2016 г.
Конкурс лепшых онлайн-практык быў арганізаваны ў межах Тыдня грамадзянскай адукацыі, які праходзіў з 5 да 11 кастрычніка ў Азербайджане, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдове, Расіі і Украіне.