Інтэрактыўны анляйн-сэмінар для некамэрцыйных арганізацыяў

Рэгіён:
20.01.2021
Інтэрактыўны анляйн-сэмінар для некамэрцыйных арганізацыяў

Асамблея НДА і Цэнтар прававой трансфармацыі ладзяць інтэрактыўны анляйн-сэмінар Рэгістрацыя і фінансаваньне НКА, новыя патрабаваньні да фінансавай справаздачнасьці”, які пройдзе 29 студзеня (пятніца). Сэмінар адбудзецца ў інтэрнэт-фармаце на плятформе zoom.

Сэмінар складаецца з трох блёкаў: на першыя два (базавыя пытаньні рэгістрацыі і фінансаваньні НКА) арганізатары запрашаюць прадстаўнікоў ініцыятыў па стварэньні і рэгістрацыі новых арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, на трэці – прадстаўнікоў ужо зарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў і фондаў.

У першым тэматычным блёку сэмінара будуць разгледжаныя асноўныя арганізацыйна-прававыя формы некамэрцыйных арганізацыяў ды іх адрозьненьні ў прававым статусе і парадку рэгістрацыі згодна з заканадаўствам, якую форму выбраць, які алгарытм рэгістрацыі кожнай формы і з чаго пачаць. Удзельнікам будзе прадстаўленая інфармацыя пра цяперашні парадак ды практыку рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, установаў і фондаў. Асобна будуць прааналізаваныя праекты заканадаўчых зьменаў, якія рыхтуюцца і якія могуць істотна зьмяніць умовы для рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў і ўстановаў.

У другім тэматычным блёку сэмінара будуць разгледжаныя базавыя пытаньні прававога рэгуляваньня фінансавых паступленьняў для розных формаў некамэрцыйных арганізацыяў, у тым ліку: якія ёсьць крыніцы фінансавых паступленьняў НКА паводле заканадаўства; ці магчымая прадпрымальніцкая дзейнасьць НКА; чым адрозьніваецца афармленьне ахвяраваньняў ад грамадзянаў і бязвыплатная (спонсарская) дапамога ад беларускіх юрыдычных асобаў; як рэгулюецца атрыманьне замежнага фінансаваньня ў выглядзе замежнай бязвыплатнай дапамогі ды інш.

Трэці тэматычны блёк сэмінара будзе скіраваны на пытаньні справаздачнасьці НКА, у прыватнасьці – новым патрабаваньням пра публічную фінансавую справаздачнасьць, якія былі ўведзеныя летась і згодна зь якімі ўсе грамадзкія аб’яднаньні і фонды абавязаныя да 1 сакавіка 2021 года апублікаваць сваю фінансавую справаздачу.

Падчас сэмінару ўдзельнікі атрымаюць магчымасьць індывідуальных кансультацыяў па канкрэтных пытаньнях, зьвязаных са стварэньнем новых НКА альбо з  прававым забесьпячэньнем фінансаваньня грамадзкай дзейнасьці і НКА.

Таксама ўдзельнікам сэмінару будуць прадстаўленыя сьвежыя метадычныя публікацыя Цэнтру прававой трансфармацыі Lawtrend і Асамблеі НДА, датычныя тэматыкі сэмінару.

Арганізатары сэмінару будуць радыя вітаць на мерапрыемстве па адным прадстаўніку ад адной арганізацыі. У выпадку, калі колькасьць заявак будзе большая за колькасьць месцаў на семінары, перавага будзе нададзеная ўдзельнікам, заяўкі якіх дэманструюць найбольшую зацікаўленасьць у тэме сэмінару.

Сэмінар адбудзецца 29 студзеня, пачатак аб 11:00, працягласьць да пяці гадзінаў. Пра падрабязную праграму працы будзе паведамлена ўдзельнікам сэмінара дадаткова.

Каб падаць заяўку на ўдзел у сэмінары, трэба запоўніць электронную анкету ўдзельніка, якая знаходзіцца па спасылцы: http://bit.ly/3qkTvZ5.

Апошні тэрмін падачы заявак на ўдзел у сэмінары: 27 студзеня (серада), 15:00. Пацьверджаньне ўдзелу будзе дасланае ўдзельнікам мерапрыемства 27 студзеня ўвечары.  

https://belngo.info/2021.interaktyuny-anlyajn-seminar-pra-pravavoe-regulyavanne-registratsyi-finansavannya-i-spravazdachnastsi-nka.html